Калядкі – добрыя святкі”



жүктеу 79.2 Kb.
Дата20.03.2018
өлшемі79.2 Kb.




Установа адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г.п.Зэльва”

Сцэнарый свята

Калядкі – добрыя святкі”






Падрыхтавала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Л.І.Камякевіч


2011

Калядкі – добрыя святкі”


Мэта. Фарміраваць у вучняў зацікаўленыя адносіны да нашай культуры, народных традыцый, святаў каляндарна-абрадавага цыклу.

Падрыхтоўка да свята.

1.Пазнаёміць вучняў з гісторыяй свята Каляды.

2. Разам з вучнямі вырабіць Калядную Зорку, маскі калядных персанажаў : Казы, Мядзведзя, цыганак і іншых.

3.Развучыць калядныя песні.

4.Распрацаваць сцэнарый свята, размеркаваць ролі і развучыць іх.

5.Развучыць ці паўтарыць народныя гульні,танцы.

Сцэнарый свята

Месца дзеяння – вясковая хата. Па цэнтры – стол, пакрыты сенам, а зверху – абрусам. На ім прысмакі, саган з куцёй, збанок або гляк з квасам, міса з блінцамі. На сцэне – Дзед і Баба.

Калядоўшчыкі ідуць на сцэну, спяваючы песню “Саўка ды Грышка ладзілі дуду, каб павесяліцца, сустрэць каляду”.

Калядоўшчыкі.


  1. Гой, ладачкі-ладкі,

Надышлі Калядкі!

Надышлі Калядкі!

Напяклі аладкі.


  1. Мы надралі таркаю

Дранікі духмяныя.

Хочаш, еш са скваркаю,

Хочаш – са смятанаю.


  1. Вось вам, калі ласка,

З жэрдачкі каўбаска!

Вось кавалак пірага,

Каб не брала вас туга.


  1. Гой, ладачкі-ладкі!

І мядок салодкі.

І запахне рутай,

Верасам, чаборам,

Каб зімою лютай

Нам не знацца з горам.


  1. Бярыце з талеркі,

Лізунцы, цукеркі!

Цешце сябе, цешце,

Галубкі-галубкі.

Ешце ўволю, ешце,

Ды не псуйце зубкі!


  1. Бохан – поўняй яснаю,

Яйкі, бульба, скваркі.

Гэта ўсё ўласнае

Нашай гаспадаркі.


  1. Калі вам прысмакі

Прыйдуцца да смаку,

Прынясіце людзям

Шчырую падзяку.


  1. Гой, ладачкі-ладкі,

Пляскаем у ладкі.

Гой, ладачкі-ладкі,

Святкуем Калядкі!!!

Гэй, добрыя людзі!

Паглядзіце, што будзе-

Дзед з бабай гуляюць,

Да сябе запрашаюць!

На забаву спяшайцеся,

Ды не вельмі штурхайцеся!

Гэй, добрыя людзі,

Паглядзіце, што будзе!
Баба.

А мае ж вы людцы,

Якое дзеду гулянне?

Нам самы сон

Ад вячэры да снядання.

Дзед.

Што ты , баба,

Ці ж даўно мы былі маладыя?

І гулялі і кахаліся,

І крадком цалаваліся!

Ці ты ўжо забылася,

Ці баішся, каб за мяне дзяўчаты не пабіліся?

Баба.

Ой, кавалер, галава, як гляк, лыса.

Глядзі, каб не пабілася аб яе міса!

(Адзін з калядоўчыкаў падыходзіць да стала, загдядвае пад абрус)


  1. Скажы, Баба, што тут пад абрусам,

Не то Дзедава прычоска , не то сена?

Баба. А вось я хачу ад вас, госцейкі, пачуць, нашто на Каляды пад абрус сена кладуць?

  1. А ну адгадайце! Хто правільна адкажа ,

Таму баба салам губы памажа.
(Гучаць розныя версіі, нехта адкажа правільна).
Баба. Існуе такі калядны звычай: чым даўжэйшая трава, тым лепшы

ўраджай будзе.



  1. Дзеду, дзеду, скажаш ці не,

Што за скарбы ў цябе ў чыгуне?
(Дзед ставіць саган на стол).
Дзед. У гэтым сагане

Калядная куцця,

А з ёю цэлы год

Заможнага жыцця.



Баба. Ціха. Дайце паслухаць,

Хто так хораша спявае?


(Гурт калядоўшчыкаў ідзе на сцэну і спявае песню “Добры вечар, добрым людзям”).
Баба. Ой, як хораша спяваеце!

Мусіць ад Бога талент маеце!



  1. Дазволілі адну-

Дазвольце другую:

Ваш дом звесяліці,

Нам вясёлымі быці.


  1. Ваша хата – з гліны,

З саломы – падваліны.

Як гэту развалім,

Дык нову паставім.


  1. Мы не варагі ,

Бярэм хлеб і пірагі.

Каўбасу да запасу,

Гуся за ногі

І барана за рогі.


Каза . ( грукае ў плот і прыгаворвае )

Гэй , маміна мама ,

Адчыняй мне браму !

Гэй, дзед – барада !

Прыйшла Каляда !
(Гучыць шчадроўская песня “ За сяньмі , сяньмі , там за новымі”)
Шчодрая дзяўчынка . Добры вечар, шчодры вечар .

Дзед. Дома, дома, праходзьце, калі ласка !

Добраму госцю заўсёды рады .



Мядзведзь. Ой, ты, пан харошы, рыхтуй талеры і грошы.

Баба . А вы , хлопчыкі , не зявайце , сабе дзяўчат выбірайце .

Усе . Гэй , Каляда !

Павадыр . Казу вядзём , людзям радасць нясём !

Усе . Гэй ,Каляда !

Калядоўшчык.

Го- го – го , Каза , го – го , шэрая ,

Дзе рогі дзела ?

Каза .

На соль праела .

Соль дарагая , мера скупая .

Павадыр .

Не дыбай , Каза ,

Крывыя ногі ,

Не станавіся

Папярок дарогі .

То будзе пан ехаць , казу прыб’е ,

А повар зрадзіць

Раду худую – раду худую –

Козачку зжыць, у супе зварыць.

А са скуры халявы пашыць.


(Жаўнер паказвае халявы і пачынае спяваць. Павадыр водзіць казу, а яна вырываецца).
Жаўнер.

Паслухайце, людцы!

Раскажу на пацеху

Пра Калядкі, пра аладкі,

Пра Казу-Мацеху.

Козанька-Мацеха

Усім на пацеху

Жыта меліць на аладкі,

Аладкі ў Калядкі.

Козанька-Мацеха

Усім на пацеху

Варыць кашу,

Робіць квас,

На Калядкі просіць нас.



Павадыр.

Ой, Каза ўпала,

Памерла, прапала.

Гаспадар ідзе,

Каляду нясе.

І гаспадыня ідзе,

Каладу нясе.


  1. Трэба Казе дагаджаць,

Бо дзе Каза ходзіць,

Там жыта родзіць.



Мядзведзь.

Дзе прабягае, там вылягае,

Дзе Каза рагамі, там жыта стагамі.


  1. Дзе Каза хвастом,

Там жыта кустом!

Павадыр. Дзе Каза нагою, там жыта капою!

Шчодрая.

Ды ты, гаспадынька, не будзь такая,

Як тая была Барабаніха.

Ідзі, гаспадынька, у клетачку

Ды зазірні ў бачок,

Дзе стаіць мачок.

Залезь у баляску

Ды дастань каўбаску.



Павадыр.

Палажы Казе на рожанькі два пірожанькі.



Усе. А на хвасточак – сала кусочак.
(Каза ўстае, кланяецца. Гаспадыня нясе прыпасы, а гаспадар кланяецца калядоўшчыкам, дзякуе за шчырыя пажаданні і запрашае іх паспытаць скаромную куццю. Калядоўшчыкі частуюцца).
Баба.

Хоць наша хата і не вельмі багата,

Але ж тое-сёе ёсць, вось і мядок ,і сырок,

і каўбаса, і піражок, частуйцеся!



Дзед.

Трэба, трэба Казе дагаджаць

Ды прысмакі розныя даваць.

А хто не хоча Каляду даваць,

Няхай ідзе ў круг гуляць!
(Усе танцуюць польку. Два калядоўшчыкі садзяцца на край сцэны, абмахваюцца).


  • Што?

  • Сямёра на адным коле паехалі?

  • Як цябе, такога разумнага завуць?

  • Завуць завуткай, а клічуць манюткай.

  • А цябе?

  • Завуць летам Філарэтам, а зімой – Кузьмой.

  • Адкуль ты такі разумны?

  • Адтуль , дзе ўжо няма.

  • І дзе ж ты быў?

  • Дзе быў , адсюль і не ўбачыш.

  • Калі?

  • У тую восень, гадоў праз восем.

  • Ведаеш, што пра цябе гавораць?

  • Гавораць, што ў Мінску курэй дояць, а каровы на яйках сядзяць.

  • А мне ўсё адно.

  • Каб было ўсё адно, дык лазілі б у акно.

Цыганка 1. А ну, хлопцы, досыць языкамі малоць, дзе вы там дзеліся?

Цыганка 2. За печчу заблудзіліся, ці ў лыжцы ўтапіліся?

Цыганка 1. Падыграйце нам на бразготках, а мы станчым.
(Усе танцуюць. Раптам, усіх распіхваючы, з’яўляецца Чорт. Музыка сціхае. Чорт увесь час падскоквае і штосьці прыгаворвае).
Мядзведзь.

Дарагія госцейкі!

Жадаем вам ў клеці – карабамі,

А ў печы – пірагамі.

Каб здаровенькі былі,

Многа год жылі.


Чорт.

Каб нічога не было,

Каб і жыта не расло,

Каб людзей не частавалі,

Каб і гумны пуставалі.
(Чорта гоняць, б’юць, штурхаюць, але ён з’яўляецца з іншага боку).
Павадыр.

Каб былі поўныя кублы яец,

А ў вашых хлявах – шмат свіней і авец!
Чорт.

Каб вашы куры не нясліся ды квахталі,

А свінні не вяліся ды здыхалі!
(На гэты раз Чорту завязваюць рот, каб ён змоўк).

Жаўнер.

Жадаю мірнага неба,

Духмянага хлеба,

Крынічнай вады

Без гэтай брыды...

(Тузае Чорта, а той вырываецца).



Чорт. Каб толькі па барадзе цякло, а ў рот не папала.
(Каза штурхае Чорта. Той злятае са сцэны. А Каза кланяецца).
Дзед. Дзе вы гэтую Казу ўзялі?

Павадыр. На кірмашы ў аднаго старога купіў.

Баба. А дзе ж сам так вывучыўся?

Павадыр.

Па ўсім свеце ходзячы,

Торбу хлеба носячы,

Між людзьмі бываючы,

Дзіва дзіўнае відаючы,

Розныя кнігі чытаючы,

Уверх нагамі трымаючы.

Але што за разумная ў мяне Каза!

Пакажы, Козанька, як скупы есць? А як плача? А як скача? А як хаваецца?
(Каза паказвае. Усе пляскаюць у далоні, смяюцца).


  1. Ідзём мы ад старога года насустрач новаму, аж да лета цёплага.

Ідзём ды з сабою Казу вядзём – шчасце, радасць нясём!

Усе.

Да каго Каза прыходзіць,

У таго добра на полі родзіць!
(На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі).
Баба.

Шаноўныя панове, шчасця і здароўя!

Вам жыць-пажываць ды дабра нажываць.

Каб былі здаровыя, як дубы скарбовыя.



Дзед.

Каб з дарогі не збіліся,

Каб цэлы век весяліліся,

Каб доўгія гады жылі,

Каб здаровыя былі.

Каза.

Дзякуй вам, людцы добрыя,

За сустрэчу прыветную!

Каб жылося вам і вялося,

Каб елася і пілося,

Каб пілося і елася



І спяваць хацелася!

(Усе выступаючыя кланяюцца і выходзяць са сцэны).

Выкарыстаная літаратура:

  1. Котович О. Золотые правила народной культуры/Оксана Котович, Янка Крук. – Минск: Адукацыя і выхаванне, 2009.

  2. Ліцьвінка В.Д. Святы і абрады беларусаў. – Мн.: Беларусь, 1997.

  3. Лозка А.Ю. Беларускі народны каляндар/А.Ю.Лозка. – Мн.: Полымя, 2002.


Достарыңызбен бөлісу:


©kzref.org 2019
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет