Редакторская подготовка изданий для детей



жүктеу 2.72 Mb.
бет11/15
Дата21.04.2019
өлшемі2.72 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15

Проза. У тэматычным складзе на першым плане застаюцца маральна-этычныя творы розных жанраў: аповесць Э. Луканскага «Калі лета канчаецца», апавяданні гэтага ж аўтара са зборніка «Госць з Чырвонай кнігі», апавяданні Л. Арабей «Мікітаў сон», «Дагары нагамі», «Новае сяброўства», «Птушка Хірасімы»…

Празаічныя творы гістарычнай тэматыкі (легенды, навукова-папулярныя нарысы і апавяданні) ствараюць С. Тарасаў, Ул. Арлоў, К. Тарасаў, В. Чаропка. Як адзначаюць прадаўцы сталічных кнігарняў, пакупнікі часта пытаюцца пра кнігу Ул. Ліпскага «Я тут жыву», выданні А. Бутэвіча з серыі «Сем цудаў Беларусі». Можна адзначыць, што ў развіцці гістарычнай тэматыкі пераважае лакальны патрыятызм, а аб’ектам адлюстравання найчасцей становіцца далёкая гісторыя. Гэта абумоўлена сацыяльна-палітычнымі зменамі ў краіне, якія выклікалі жаданне знайсці вытокі беларускай дзяржаўнасці.

Па-ранейшаму актуальнай застаецца і экалагічная тэматыка. Праблема ўзаемаадносін чалавека і прыроды пакладзена ў аснову кнігі Я. Галубовіча «Ад студзеня да студзеня», зборніка апавяданняў І. Грамовіча «Як вясну рабілі» і Ул. Гурскага «Лясная сімфонія», «Пчолы і трутні».

Гістарычная і экалагічная тэматыка пераважае ў серыйных выданнях навукова-папулярнай літаратуры.

Біблейская тэма з’явілася ў дзіцячай літаратуры дзякуючы Ул. Ліпскаму; чытачы сярэдняга школьнага ўзросту ведаюць яго кнігу «Як Бог стварыў свет».

Кола чытання сучасных дзяцей пад уплывам тэлебачання і інтэрнэта змянілася ў бок фантастычнай і прыгодніцкай тэматыкі. Патрэбу ў такой літаратуры задавальняюць А. Федарэнка ў аповесці «Афганская шка­тулка», А. Якімовіч у аповесці «Таямніца Тунгускага метэарыту» і казцы «Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі», В. Шырко ў збор­ніках «Дзед Манюкін не салжэ» і «Дзед Манюкін і ўнукі». Папу­лярнасцю карыстаюца казкі А. Бутэвіча «Прыгоды віруса Шкодзі» і іншыя творы з серыі «Казкі XXI стагоддзя» розных аўтараў.



Паэзія. Паэтычныя творы, адрасаваныя маленькім чытачам, набылі нацыянальны каларыт, пазбавіліся ідэалагічнай зададзенасці, схематызму. Дзецям вядомы вершы Э. Агняцвет, С. Грахоўскага, Р. Ба­ра­дуліна, Н. Гілевіча, А. Вольскага, Г. Каржанеўскай, В. Лукшы, Н. Ма­цяш, М. Чарняўскага, Ул. Мацвеенкі, Ю. Свіркі, Х. Жычкі, А. Бадака…

Тэматыка паэзіі збліжаецца з прозай. Напрыклад, з паэтычных зборнікаў экалагічнай тэматыкі адзначым кнігі «Павуцінка на агрэс­це» В. Данільчык, «Пціч» Г. Пашкова, «На азёрах сініх» У. Карызны. Шматлікія вершы пра прыроду вырашаюць розныя задачы: аўтары імк­нуцца прывіваць любоў да роднага краю, вучаць заўважаць яго прыгажосць; адукоўваюць чытача па некаторых прыродазнаўчых пы­таннях; фарміруюць патрэбу берагчы прыроду, клапаціцца пра яе.

Біблейская тэматыка распрацоўваецца ў вершах А. Вольскага «Вялік-дзень», Н. Галіноўскай «Божае бласлаўленне», М. Маляўкі «Міласціна» і «Крыжык»:

Крыжык светлы з храма

Мне прынесла мама,

Каб шчаслівы рос –

Без грахоў і слёз.

І прыгожа доўжыць

Мой жыццёвы шлях

Падарунак божы –

Крыжык на грудзях.

Гістарычная тэма ў вершах не абмяжоўваецца далёкай гісторыяй. Паэты звяртаюцца да трагічных падзей мінулага стагоддзя: Вялікай Айчыннай вайны (В. Жуковіч «Бусел над Хатынню», Ул. Карызна «Ду­май, чалавек»), вайны ў Афганістане (В. Жуковіч «Скажы, зязю­ля…»).



Драматургія. У канцы XX ст. наступіў новы этап развіцця драматургіі для дзяцей. Гэта час тэатральных эксперыментаў і адкрыцця новых тэм. Аўтары ўключаюць у свае п’есы элементы абсурду і містыкі, разважаюць на філасофскія тэмы, напрыклад сутнасці тэатру ці праблемы самазабойства. Гэта прызнанне таго, што сучасныя дзеці могуць і павінны прымаць удзел у вырашэнні важных агульначалавечых праблем, што трэба шукаць новыя шляхі збліжэння дзяцей і дарослых.

Не ўсе з новых п’ес адпавядаюць крытэрыям ацэнкі дзіцячага твора. Відаць, у драматургіі ў найбольшай ступені знайшла адбітак тэндэнцыя стварэння для дзяцей такіх кніг, якія былі б цікавымі і для дарослых. Наколькі гэта правільна – пакажа час.

Элемент абсурднасці ёсць у рэмейку народнай казкі «Новы калабок» П. Васючэнкі. Калабок ад усіх уцякае, бо ніхто не можа сказаць, што знаходзіцца ў яго ўнутры. Аказваецца, герой мае на ўвазе сваю душу – «мяккую, трапяткую». Калабок у фінале выглядае наіўна і абсурдна, аднак, безумоўна, застаўляе задумацца чытача (гледача).

Прынцыпы алагізму і абсурду выкарыстоўваюцца і ў п’есах «Рэпетыцыя» А. Федарэнкі, «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Забалоцкага» П. Васючэнкі і С. Кавалёва.

Элементы навуковай фантастыкі пакладзены ў аснову п’ес «Канікулы на астэроідзе» З. Дудзюк і «Рамантычнае падарожжа на той свет» Г. Багданавай. У апошняй – праблема падлеткавага сама­забойства.

Наватарскім для беларускай дзіцячай драматургіі стала выкарыстанне элементаў трылера. Прыкладам з’яўляецца п’еса «У чор­ным-чорным горадзе» М. Адамчыка і М. Клімковіча. Жанр аўтары вызначылі як «жахі ў чатырох дзеях». Тут актыўна выкарыстоўваюцца «персанажы» дзіцячага фальклору: чорная рука, белая прасціна, люст­раная шафа. Дзецям прадастаўляецца магчымасць перажыць вострыя пачуцці і зразумець шляхі пераадолення страху: у страшным убачыць смешнае, адчуць недарэчнасць страху перад уласнымі выдумкамі.

Матывы падарожжа, прыгод і рыцарства, якія сумяшчаюцца з гістарычнай тэматыкай, сталі асноўнымі у творах «Янук, рыцар Мятлушкі» Л. Рублеўскай, «Філасофскі камень» Ул. Сіўчыкава. Праблема незалежнасці краіны асэнсоўваецца ў п’есах «Сінязорка» З. Дудзюк, «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» С. Кавалёва.

Перапляценнем экалагічнай і патрыятычнай праблем адзначаюцца п’есы «Кветкі пад ліўнем» І. Сідарука, «Калі дракон прачнуўся» М. Арахоўскага.

Акрамя новых элементаў, у драматургіі назіраецца яўны фальклорны рэнесанс – пераасэнсаванне фальклорных сюжэтаў. На­прык­лад, у п’есах С. Кавалёва чытач сустракаецца з такімі народнымі персанажамі, як Хохлік («Хохлік»), д’ябал («Стомлены д’ябал»), драўляны рыцар («Драўляны рыцар»).
Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці сучаснай дзіцячай літаратуры

Сусветны літаратурны працэс сёння істотна змяніўся ў параўнанні з мінулым стагоддзем. Для літаратуры характэрна «ўніверсалізацыя»: аўтары імкнуцца, каб іх кніга была цікавай як для дзяцей, так і для дарослых (К. Булычоў, Дж. Ролінг, А. Федарэнка). Назіраецца агуль­нае імкненне да «масавай» літаратуры, з мінімумам апісанняў і разважанняў, з дынамічным, нават навэлістычным сюжэтам. Распаў­сюджаны творы, дзе няма вострай праблемы, сутыкнення поглядаў, што не адпавядае патрабаванням дзіцячага ўзросту. Такія кнігі не вытрымаюць праверкі часам, і наўрад ці мы ўбачым іх перавыданне.

Станаўленне інфармацыйнага рынка змяняе патрабаванні да якасці кніжных выданняў: яны павінны змагацца за свайго чытача і вы­трымліваць канкурэнцыю з інтэрнэтам і тэлебачаннем, а значыць і ві­зуальна не ўступаць вобразам, якія яны прапануюць, таму вялікая ўвага надаецца паліграфічнаму выкананню выдання, яго афармленню1.

Назавём асноўныя тэндэнцыі ва ўспрыманні кнігі сучаснымі дзецьмі.

1. Назіраецца зніжэнне цікавасці да мастацкай літаратуры, падзенне прэстыжу чытання. Дзеці нярэдка чытаюць вучэбную, даведачную літаратуру, а з мастацкай – толькі творы, уключаныя ў школьную праграму.

2. Сучасныя дзеці аддаюць перавагу перыёдыцы, а не кнігам. Прычым найбольшым попытам карыстаюцца газеты і часопісы забаўляльнага характару з вялікай колькасцю малюнкаў і фота­здымкаў, што сведчыць аб арыентацыі дзяцей на «гламурны» вобраз еўрапейскага маладога чалавека.

3. На выбар кніг вялікі ўплыў аказвае рэклама. Прычым калі для падлеткаў гэта арганічная з’ява, абумоўленая іх узроставай псіхалогіяй, то для малодшых школьнікаў такая тэндэнцыя новая і абумоўлена, хутчэй за ўсё, агульнай захопленасцю дзяцей тэле­бачаннем і камп’ютарам, дзе часцей за ўсё яны і трапляюць пад уплыў рэкламы. Трэба адзначыць, што беларускія выдаўцы недастаткова ўлічваюць гэты аспект, таму дзеці, на жаль, лепш ведаюць сучасныя замежныя літаратурныя навінкі, чым беларускія.

4. Уплывам тэлебачання і інтэрнэта можна растлумачыць і ўзмацненне цікавасці дзяцей да тэм і жанраў, якія пераважаюць на экране, – дэтэктываў, трылераў, фэнтэзі, «жахаў»… Адпаведна ў коле чытання дзяцей таксама дамінуе вострасюжэтная забаўляльная літаратура.

5. Чытачы сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту нярэдка выбіраюць літаратуру на электронных носьбітах, чытаюць электронныя кнігі вядомых у віртуальнай прасторы аўтараў, наведваюць і самі вядуць блогі ў інтэрнэце, удзельнічаюць у чатах, дзе абмяркоўваюцца літаратурныя навінкі.

Вывад. У зменах, якія адбыліся на мяжы XX–XXI стст., ёсць пазітыўныя і негатыўныя тэндэнцыі1. Беларуская дзіцячая літаратура сёння актыўна развіваецца, смела звяртаючыся да эксперыментаў, асабліва ў драматургіі. З’явіліся новыя тэмы і жанры, абумоўленыя сацыяльна-эканамічнымі зменамі ў краіне, а таксама ўплывам тэлебачання і інтэрнэта. Прыйшлі новыя крэатыўныя аўтары. Асноўная частка сучаснага рэпертуару літаратурна-мастацкіх выданняў – гэта беларус­камоўныя творы пазнавальнай накіраванасці.

Трывожнай тэндэнцыяй з’яўляецца падзенне прэстыжу чытання, імкненне дзяцей да забаўляльнай літаратуры і захопленасць інтэрнэтам, што не фарміруе культуру чытання і патрэбу ў кнізе. Акрамя таго, успрыманне тэкста з манітора сур’ёзна адрозніваецца ад чытання кнігі: яно фрагментарнае, павярхоўнае і наўрад ці садзейнічае рэалізацыі асноўных задач дзіцячай літаратуры – выхоўваць, адукоўваць дзіця і дастаўляць яму эстэтычнае задавальненне ад чытання.

Улічваючы тэндэнцыі ў развіцці сучаснага літаратурнага працэсу, хочацца нагадаць рэдактару аб тым, што ён павінен не толькі задавальняць патрэбу дзіцяці ў пэўнай кнізе, але і фарміраваць кола яго чытання і чытацкі густ.
АЛЕСЬ ІВАНАВІЧ ЯКІМОВІЧ

(1904–1979)
Вядомы як фалькларыст, пісьменнік, перакладчык. Пісаў вершы, апавяданні, аповесці, казкі, п’есы, кінасцэнарыі для дзяцей і артыкулы, прысвечаныя развіццю дзіцячай літаратуры: «Пра дзіцячую літаратуру», «Дзіцячай літаратуры – зялёную вуліцу», «Галоўная праблема – якасць», «Дзеці чакаюць новых кніг», «Дзецям – самыя лепшыя творы». Усё жыццё ён цікавіўся педагогікай, цесна супрацоўнічаў са школай, сустракаўся з настаўнікамі і вучнямі, клапаціўся пра якасць школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх стварэнні. Яго падручнікам для 2-га класа «Роднае слова» карысталіся з 1932 г. на працягу 30 гадоў. А. Якімовічу належыць аўтарства і першай вершаванай азбукі з элементамі гульні «Слухай – запамінай». Гэтыя кнігі могуць служыць прыкладам пры падрыхтоўцы вучэбнай літаратуры.

Алесь Іванавіч стаіць ля вытокаў стварэння часопіса для дзяцей «Беларускі піянер», першы нумар якога выйшаў у 1924 г. Пазней часопіс атрымаў назву «Іскры Ільіча», а пасля Вялікай Айчыннай вайны А. Якімовіч аднавіў выданне часопіса пад назвай «Бярозка». Пад гэтай назвай часопіс жыве і сёння.

У розныя гады А. Якімовіч працаваў вядучым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, быў літкансультантам Саюза пісь­меннікаў Беларусі, узначальваў секцыю дзіцячай літаратуры Саюза пісьменнікаў, уваходзіў у склад Прэзідыума Савета па дзіцячай і юнац­кай літаратуры пры Праўленні Саюза пісьменнікаў СССР. Інакш кажучы, ён быў адным з тых, хто фарміраваў дзіцячую літаратуру, вызначаў кірункі яе развіцця.

Уласна літаратурная спадчына А. Якімовіча шматгранна. Ён вядомы як таленавіты перакладчык казак А. Пушкіна і П. Яршова, Г. Х. Андэрсэна, твораў для дзяцей Л. Талстога, А. Чэхава, І. Тур­генева, Ул. Маякоўскага, К. Чукоўскага, С. Маршака, В. Біянкі, А. Гайдара, А. Барто, М. Носава і інш. Яго пераклады лічацца аднымі з лепшых, таму што максімальна набліжаны да арыгіналаў.

Алесь Іванавіч пакінуў і паэтычную, і празаічную спадчыну для дзяцей розных узростаў. Большасць з яго твораў не страцілі сваёй актуальнасці і чакаюць свайго чарговага перавыдання. Разгледзім іх падрабязней.

Аповесць «Незвычайны мядзведзь» (1934 г.) зацікавіць малодшых школьнікаў прыгодамі, тайнай, якая раскрываецца толькі ў канцы твора. Аўтар прадэманстраваў добрае веданне дзіцячай псіхалогіі. Аповесць мае вялікі выхаваўчы сэнс, але аўтар пазбег прамога дыдактызму. Чытач адчувае, што аўтар паважліва ставіцца да дзіцяці, давярае яму, разумее яго.

Вершаваная казка «Каваль Вярнідуб» (1929 г.) заснавана на фальклорных матывах і вобразах, але з’яўяецца арыгінальным аўтар­скім творам. Канфлікт традыцыйна казачны: супрацьпастаўлены дабро і зло. Дабро ўвасоблена ў некалькіх вобразах, і ў першую чаргу каваля Вярнідуба. Носьбітам зла з’яўляецца цар і яго памочнікі. Зразумела, што дабро перамагае: волат Вярнідуб адпомсціў кату-цару за здзек над людзьмі. У вобразе Вернідуба спалучана казачнае і рэальнае: ён добра выхаваны, умее прывеціць, падтрымаць добрым словам і справай, ён ніколі і нікому не дазволіць прынізіць сябе і іншых, і для гэтага яму дараваны нечалавечыя магчымасці і сілы: чарадзейная булава і мятла. Ёсць у творы і іншыя атрыбуты чарадзейнай казкі: жывая вада, Салавей-разбойнік.

Казка адпавядае ўсім крытэрыям ацэнкі жанра. У вершаванай форме аўтару ўдалося перадаць рытміку, характэрную для фальклорных твораў. Верш льецца лёгка, змена рытма адпавядае паваротам ў развіцці дзеяння, лексіка і сінтаксіс характэрныя для гутарковай мовы:



Не далёка

І не блізка,

Там, дзе сонца

Ходзіць нізка,

Ды цалуецца з зямлёю

Неба сіне-галубое, –

Адным словам, –

За марамі,

За лясамі,

За гарамі

Жыў ды быў

Сярдзіты цар…



Казка «Каваль Вярнідуб» адрасавана чытачу дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту і ідэальна падыходзіць да сямейнага чытання.

«Казка пра смелага Вожыка» (1937 г.) напісана прозай і таксама адрасавана дзецям малодшага ўзросту. Тут дынамічнае дзеянне, шмат дыялогаў, змена інтанацый. Сказы кароткія, неразвітыя. Перад чытачом праходзіць шэраг звяроў-персанажаў, што мае фальклорныя вытокі, аднак канфлікт твора арыгінальны. Аўтарская ідэя зразумела маленькаму чытачу: трэба быць смелым, бо нават дужыя, калі яны баязлівыя, становяцца смешнымі і бездапаможнымі.

Не страцілі сваёй актуальнасці і творы А. Якімовіча пра вайну – гэта апавяданні «Чарнавочка», «Светлы дзень», «Брат і сястра», аповесць «Смелыя людзі». Усе яны патрыятычнай накіраванасці, услаўляюць подзвіг дарослых і дзяцей у час Вялікай Айчыннай вайны.

Гістарычная тэма ўзнімаецца аўтарам у аповесці «Базылёў курган» (1954 г.). Сюжэт пабудаваны на аснове падання аб пахо­джанні назвы кургана. Трапны эпіграф з паэмы Янкі Купалы – «Кур­ганы шмат чаго нам гавораць». Удала спалучаецца мінуўшчына і сучаснасць: школьнікі з краязнаўчага гуртка вырашылі даведацца аб паходжанні назвы кур­гана. Аўтарам узнімаецца праблема раўна­душнага стаўлення да гісто­рыі краю, да лёсаў сваіх землякоў. Толькі адзін чалавек з вёскі змог рас­казаць пра гісторыю назвы Базылёва кургана – бабка Мар’яна. Аповесць будзе цікавай для чытачоў сярэдняга школьнага ўзросту. Яна мае вялікі выхаваўчы патэнцыял, уздзейнічае на эмоцыі, абуджае сумленне.

Чытачам старэйшага школьнага ўзросту, якія цікавяцца гісторыяй сваёй краіны, можна прапанаваць тэтралогію «Галынаўская хроніка»: аповесці «Адкуль ліха на свеце» (1962 г.), «Канец сервітуту» (1968 г.), «Кастусь Каліноўскі» (1971 г.), «Цяжкі год» (1977 г.). Аўтар абапі­раецца на фактычны матэрыял, прыводзіць урыўкі з гістарычных дакументаў, хронік, дае канкрэтныя назвы, даты. Галоўнае для яго – раскрыць душу народа на пэўным гістарычным этапе мастацкімі срод­камі. Храналагічны ахоп падзей вельмі шырокі: ад 1857 да 1918 гг.

За першыя тры аповесці тэтралогіі А. Якімовіч атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.

Шмат у яго твораў пра мірнае жыццё, вучобу, узаемаадносіны дзяцей. Лепшыя апавяданні склалі зборнік «Залатыя рукі» (1975 г.). У народзе спрадвеку былі ў пашане залатыя рукі. Персанажы гэтага зборніка не здзяйсняюць гераічных подзвігаў, але хіба мала рамантыкі і героікі ў штодзённым жыцці! Аўтар расказвае пра цімураўцаў (апавяданне «Залатыя рукі»), пра гонар падлетка, якому даверылі сур’ёзную мужчынскую працу – абганяць бульбу на кані, і запісалі першы працадзень («Першы працадзень»), пра гарадскога хлопчыка Віцю, які таксама ганарыцца сваімі працаднямі, зарабляючы іх, прыехаўшы ў вёску да бабулі на канікулы («Васількі»). І ніяк ён не можа пагадзіцца з настаўніцай, якая назвала васількі пустазеллем, унутрана з ёй палемізуе.

Сучаснымі дзяцьмі такія творы ўспрымаюцца як гістарычныя. Сапраўды, адышлі ў мінулае працадні, аднак творы раскажуць аб тым пе­ры­я­дзе савецкай гісторыі значна больш, чым любы падруч­нік. Дума­ецца, што рэдактар павінен звярнуць увагу дзяцей на такі адукацыйны бок твораў А. Якімовіча, падрыхтаваўшы прадмову да выдання.

Алесем Іванавічам распрацоўвалася і экалагічная тэматыка (апавяданні «Чорныя лебедзі», «Вусаты вадзянік», «Грыша»), такія творы запатрабаваны і сёння.

Адзін з любімых жанраў А. Якімовіча – казка. Акрамя напісання ўласных казак, ён займаўся літаратурнай апрацоўкай фальклорных твораў гэтага жанру. Каля двухсот апрацаваных аўтарам казак выйшла ў зборніках «Каток – залаты лабок», «Бацькаў дар», «З рога ўсяго многа», «Андрэй – за ўсіх мудрэй», «Людзей слухай, а свой розум май».

Вельмі беражліва ставіўся пісьменнік да народных казак, імкнуўся захаваць іх адметнасць, «фальклорнасць». Гэта відаць нават па назвах зборнікаў і многіх казак: прыказкі і прымаўкі, выкарыстаныя ў якасці назвы, «падказваюць» чытачу, што перад ім фальклорны твор, і выражаюць народную мудрасць («Людзей слухай, а свой розум май», «Андрэй – за ўсіх мудрэй»).

У чым заключалася літаратурная апрацоўка казкі? Па-першае, многа ўвагі аўтар надаваў сюжэту твора. Як вядома, сюжэтная лінія фальклорнай казкі можа быць занадта складанай, расцягнутай; часам адна казка пераходзіць у іншую. У залежнасці ад асноўнай ідэі казкі пісьменнік спрашчаў сюжэт, апускаючы некаторыя эпізоды, пакі­даючы адну сюжэтную лінію, ці арганічна кантамінаваў розныя сюжэты ў адным творы.

Па-другое, А. Якімовіч удумліва шліфаваў мову казак, імкнучыся перадаць каларыт народнай гаворкі. Пісьменнік выбіраў трапныя словы, пазбягаючы дыялектных. Аднак іншым разам пакідаў архаізм, гістарызм ці дыялектнае слова, каб перадаць гістарычны ці рэгіянальны каларыт, таму яго казкі ўзбагачаюць слоўнікавы запас дзяцей.

Пісьменнік пазбаўляў казку шматслоўя, рабіў яе ёмістай па змесце і лаканічнай па форме. Пры гэтым ён захоўваў стылістыку народнай гутарковай мовы, яе мелодыку і рытм. Услухайцеся, напрыклад: «Было яно ці не было, праўда ці няпраўда, – паслухаем лепш, што казка кажа. Ну дык вось. Прыляцеў у адзін край страшэнны змей. Выкапаў ён сярод лесу ў гары глыбокую яму і лёг адпачываць. Доўга ён адпачываў ці нядоўга – ніхто таго не памятае…»1

Беларускія народныя казкі менавіта ў апрацоўцы А. І. Якімовіча перакладаліся на розныя мовы свету.

Вывад. Алесь Іванавіч Якімовіч усю сваю творчасць прысвяціў дзецям. Яго творчая спадчына паслужыла асновай для развіцця вершаванай, а таксама празаічнай казкі і апавядання – самых арганічных для дзяцей жанраў. Большасць з яго твораў знаходзяцца ў актыўнай частцы сучаснага рэпертуару выданняў.

А. Якімовіч заклаў падмурак для распрацоўкі тэорыі і гісторыі дзіцячай літаратуры, для развіцця дзіцячай журналістыкі.


ЯНКА МАЎР

(Іван Міхайлавіч Фёдараў, 18831971)
Янка Маўр прыйшоў у дзіцячую літаратуру не ў юным узросце, мінаваўшы пару вучаніцтва. Шляхам у літаратуру стала асноўная яго прафесія – педагогіка. Шырокі кругагляд (пісьменнік валодаў мовай эсперанта, выпісваў замежную літаратуру), глыбокія веды па геаграфіі і гісторыі розных краін свету (як настаўнік, ён завочна падарожнічаў з дзецьмі па розных краінах і кантынентах), тонкае разуменне ўзроставых псіхалагічных асаблівасцей дзяцей і бязмежная любоў да іх дапамаглі Я. Маўру захапіць дзяцей тэмамі прыгод і падарожжаў.

Большая частка яго твораў адрасавана падлеткам. Як вядома, гэта вельмі патрабавальныя чытачы. Нямногім аўтарам удавалася заваяваць іх прызнанне, і Я. Маўр – першы сярод такіх аўтараў. Чытацкім інтарэсам падлеткаў адпавядае і тэматыка твораў, і маральныя праблемы, якія ён закранае, і жанр аповесці, у якім выяўляецца апавядальнае майстэрства пісьменніка.

Не страцілі актуальнасці для дзяцей аповесці «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», раман «Амок», апавяданні «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Звяры на караблі».

Аповесць «Чалавек ідзе» друкавалася з 1926 г. у часопісе «Беларускі піянер». Пісьменнік звярнуў чытача ў тыя далёкія часы, якія нам сёння нагадваюць казку. І пачынаецца аповесць зачынам, як казка: «Гэта было даўно-даўно… Можа мільён гадоў назад». Займальна апавядаецца пра тагачасны клімат, адметны жывёльны і раслінны свет, аднак галоўная ўвага – першабытным людзям: таму, як яны выраблялі прымітыўныя прылады працы і самаабароны, займаліся земляробствам, прыручалі агонь, змянялі сваё жыццё і сябе. Гэты твор – гімн чалавеку, яго магчымасцям і працавітасці. Аповесць напоўнена прадчуваннямі наступных адкрыццяў.

У 1927 г. Я. Маўру заказалі прыгодніцкую кнігу, была падпісана дамова з Белдзяржвыдатам. Праз год выйшла з друку першая прыгодніцкая аповесць «У краіне райскай птушкі». За ёю – аповесць «Сын вады» і раман з загадкавай назвай «Амок». Дзеянне гэтых твораў адбываецца далёка ад Беларусі: на востраве Новая Гвінея, ля берагоў Вогненнай Зямлі, на востраве Ява. Праблематыка твораў маральна-этычная. Аўтар паказвае барацьбу мясцовых жыхароў супраць каланізатараў, маральную перавагу «дзікуноў» над людзьмі з развітых еўрапейскіх краін. У творах дакладна паказаны мясцовыя рэаліі. Складваецца ўражанне, што пісьменнік сам быў удзельнікам тых падзей.

Названыя творы запатрабаваны сучаснымі падлеткамі, якія ацэньваюць агульначалавечыя каштоўнасці, цікавяцца знешнай палітыкай, мараць пабываць у розных краінах, даведацца аб іх гісторыі.

Прыгодніцкія кнігі Маўра пра беларускія рэаліі не менш цікавыя, утрымліваюць вялікі выхаваўчы і пазнавальны патэнцыял. У 1930 г. выйшла з друку аповесць «Палескія рабінзоны». Дзеці мараць пра далёкія падарожжы ў дзіўныя краіны, але не ведаюць, колькі цікавага вакол іх тут, у Беларусі: «Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца марамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры1».

Падлеткі Віктар і Мірон, як Рабінзон Круза, апынуліся на бязлюд­ным востраве, які ўтварыла вясновае разводдзе. Няпроста было выжыць у такіх умовах, але хлопцы шмат ведалі, бо многа чыталі, і змаглі не разгубіцца. Яны здабылі агонь, зрабілі з гліны гаршчок, змайстравалі шалаш, змаглі сябе пракарміць: лавілі рыбу, птушак і звяроў, збіралі першыя вясновыя грыбы… Нават у такіх умовах яны не згублі назіральнасці. Разам з імі чытач любуецца прыродай Палесся: таямнічай, прыгожай і вельмі багатай. Вуснамі сваіх герояў аўтар дае шмат прыродазнаўчых звестак пра звяроў і расліны.

У творы значны дэтэктыўны элемент, што, безумоўна, прыцягвае ўвагу чытача-падлетка. Хлопцам даводзіцца ратавацца ад бандытаў, а ў канцы яны нават дапамагаюць гэтых бандыдаў злавіць.

Больш звычайныя, нерамантычныя падзеі пакладзены ў аснову аповесці «ТВТ». У ёй расказваецца, як пяцікласнікі стварылі тава­рыства ваяўнічых тэхнікаў, якое абавязвала самім выконваць дробны хатні рамонт, калі трэба, звяртацца па дапамогу да таварышаў і толькі ў крайнім выпадку ісці да майстра. Дзейнасць тэвэтаўцаў авеяна таямнічасцю, бо яны не сказалі пра сваё таварыства дарослым.

Пасля выхаду аповесці рух тэвэтэўцаў разгарнуўся па ўсёй краіне, як пасля выхаду «Цімура і яго каманды» рух цімураўцаў. Аповесць захапляе чытачоў, выклікае жаданне знайсці для сябе таксама важную і цікавую справу, якая б аб’ядноўвала сяброў, прыносіла карысць і не залежыла ад дарослых.

У творчасці Я. Маўра значнае месца займаюць апавяданні. Па тэматыцы яны разнастайныя. Шэраг з іх працягвае ўзнятую ў аповесцях тэму прыгнёту каланізатарамі мясцовага насельніцтва, уціску багатымі бедных. Узнімаецца яна аўтарам і ў апавяданні «Незвычайная прынада». Дзеянне адбываецца ў Індыі. Англійскія каланізатары на паляванні выкарысталі ў якасці прынады на кракадзіла жывое дзіця. У выніку хлопчык застаўся калекам.

Сюжэт іншага апавядання («Слёзы Тубі») пісьменніку падказала легенда аб тым, што жэмчуг – гэта скамянелыя божыя слёзы. Сваім творам Я. Маўр прапанаваў іншае тлумачэнне: гэта слёзы тых пакутнікаў, якія для белых і багатых ныраюць за чарапашкамі аж на дно мора. Гуманістычнае гучанне твора ўзмоцнена вобразам дзіцяці, якое стала ахвярай акулы, а калі казаць праўду, то сваіх паноў, бо тыя адправілі яго ў мора. Пра смерць хлопчыка пісьменнік кажа коратка, затое аб тым, як потым прагныя гаспадары высыпалі чарапашак з яго кошыка, шукаючы жамчужыны, – падрабязна.

Галоўныя героі гэтых апавяданняў – дзеці, чый лёс трагічны. Лічыцца, што дзіцячыя творы павінны мець аптымістычную канцоўку, названыя ж апавяданні не адпавядаюць гэтаму патрабаванню. Тым не менш, падобныя творы павінны ўваходзіць у кола чытання падлеткаў, якія нярэдка схільныя перабольшваць уласныя праблемы, праяўляюць эгаізм, залішнія патрабаванні да сяброў і дарослых. Я. Маўр сваімі апавяданнямі абуджае ўважлівасць да людзей, спачуванне да чужога гора, разуменне жыццёвых каштоўнасцей.

Усё ж такі большасць апавяданняў Я. Маўра маюць апты­містычны змест, асабліва тыя, дзе героямі з’яўляюцца маленькія дзеці. У апавяданні «Бярозавы конь» расказваецца пра здольнасць дзіцячай фантазіі ператварыць, напрыклад, зараснікі чароту ў дзікія джунглі, лужыну – у мора, бярозавы дубчык – у імклівага каня. Шасцігадовы Толя імчыць на гэтым кані, робіць крутыя павароты, конь упарціцца, устае на дыбы. Мы нават забываем, што конь несапраўдны.

Вельмі любіў пісьменнік сваё апавяданне «Шчасце», напісанае ў верасні 1945 г. Зразумела, што адчуванне шчасця ў той час было абвостранае. Радасць мірных дзён, здаецца, перажывала нават пры­рода. Шчасце героя апавядання, хлопчыка гадоў васьмі, было ў новай шапцы, яму здавалася, што ўсе павінны адразу яе заўважаць. І калі дарослы суразмоўца не звярнуў увагу на яго шапку, дзіця не вы­трымала: «Дзядзя! Шапка!» Дарослы паспяшаўся выправіць сваю памылку. І зноў шчаслівыя, героі «разышліся кожны сваім шляхам».

Падобныя апавяданні можна рэкамендаваць для сямейнага чытання. Дзіця пазнае ў іх сябе, а дарослыя з большым разуменнем будуць ставіцца да дзіцячых перажыванняў.

Я. Маўра цікавіла і ваенная тэма. Яна адлюстравана ў кнізе «Ніколі не забудзем», у напісанні якой Маўр прымаў удзел, і ў апавяданнях «Нашы дзеці», «Невядомы герой», «Завошта?», «Дом пры дарозе»…

Гістарычная тэма распрацоўвалася аўтарам у аўтабіяграфічнай трылогіі «Шлях з цемры» (1948 г.), заснаванай на побытавым і этна­графічным матэрыяле. Хаця трылогія пісалася не для дзяцей, ёсць мно­га старонак, цікавых старэйшым школьнікам.

За сваю плённую працу на ніве дзіцячай літаратуры Янка Маўр першым з беларускіх дзіцячых пісьменнікаў быў адзначаны Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР (пасмяротна). Аб прызнанні заслуг Івана Міхайлавіча сведчыць літаратурная прэмія, якая носіць яго імя і прысуджаецца беларускім пісьменнікам за лепшыя творы для дзяцей. А стогадовы юбілей класіка беларускай дзіцячай літаратуры по рашэнні ЮНЕСКА адзначаўся ва ўсім свеце.

Аб творчай неардынарнасці Янкі Маўра сведчыць абраны ім псеўданім: беларускае імя Янка і экзатычнае, «заморскае» прозвішча – Маўр. У самім гэтым псеўданіме нібы запраграмавана адметнасць светаадчування пісьменніка: любоў да Беларусі і ўсяго чалавецтва1.

Вывад. Янка Маўр распрацоўваў новыя для беларускай дзіцячай літаратуры тэмы (прыгоды, падарожжа) і жанры (аповесць). Яго аповесці складаюць аснову рэпертуара выданняў для падлеткаў – самай складанай чытацкай катэгорыі. Творы Я. Маўра і па форме, і па змесце адпавядаюць крытэрыям рэдактарскай ацэнкі і могуць быць узорам дзіцячай літаратуры.

ПЕРЫЯДЫЧНЫ ДРУК ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ НА БЕЛАРУСІ
Значную ролю ў развіцці беларускай дзіцячай літаратуры адыграў перыядычны друк. Першае дзіцячае і юнацкае выданне на Беларусі было заснавана ў 1914 г. – часопіс «Лучынка». Гэта навукова-папу­лярны беларускамоўны штомесячнік, галоўным рэдактарам быў А. Уласаў, а з трэцяга нумара па прычыне занятасці А. Уласава ў іншым часопісе фактычным рэдактарам стала Цётка.

Галоўная задача «Лучынкі» – пашырэнне асветніцтва, што адлюстравана і ў назве часопіса. У другім нумары Цётка надрукавала зварот «Да вясковай моладзі беларускай»: «Лучынка будзе старацца заглянуць у кожны куток нашай беларускай старонкі, пазнаць усе яе балючкі, паказаць іх табе, моладзь, і растлумачыць, якім спосабам з гэтых балючак вылечыць родную старонку»1. У часопісе друкаваліся такія вядомыя мастакі слова, як Янка Купала, Якуб Колас, К. Буйло, У. Галубок, З. Бядуля, Ц. Гартны… Пераважная большасць матэ­рыялаў была прысвечана сацыяльнай праблематыцы: цяжкае становішча сялянства, бяздольнае маленства, сіроцтва.

У часопісе друкаваліся і навукова-пазнавальныя матэрыялы па гісторыі («Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля» А. Жывіцы), геаграфіі («Якога мы роду-племені» В. Лас­тоўскага, «Вулкан» А. Паўловіча). Свае навукова-папулярныя арты­кулы друка­вала і Цётка («Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птуш­кі»), яна ж давала і вандроўныя нарысы («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю»).

Меней года радавала чытачоў «Лучынка», выйшла ўсяго шэсць нумароў. Першая сусветная вайна вымусіла спыніць выданне часопіса.

Першым беларускамоўным выданнем для дзяцей пасля рэвалюцыі стаў часопіс «Зоркі» (1921–1922). Галоўны рэдактар – З. Бядуля. Пача­лася хваля беларусізацыі, і назва часопіса сімвалічная: прамені зорак неслі святло ўсёй беларускай зямлі. Гэты часопіс у адрозненне ад «Лу­чынкі» быў тэматычна разнапланавы. Аўтары публікацый (Якуб Колас, Янка Купала, К. Буйло, М. Чарот, К. Чорны, Я. Журба) імкнуліся да рознабаковага развіцця маленькага чытача, дбалі пра яго выхаванне на родным матэрыяле. У «Зорках» друкаваліся пераважна фальклорныя жанры – казкі, песні, загадкі, а таксама бытавыя замалёўкі, вершы («Мароз», «Сын і маці» Янкі Купалы, яго ж пераклады з рускай мовы, «Вясна» Якуба Коласа), апавяданні («Страшнае спатканне» Якуба Коласа), п’еса «Пастушкі» М. Чарота.

У 1924 г. быў створаны новы часопіс – «Беларускі піянер» (з 1929 г. – «Іскры Ільіча», з 1945 – «Бярозка»). Яго першым галоўным рэдактарам быў У. Дубоўка. Часопіс змяшчаў цікавыя дзіцячыя творы розных жанраў, а таксама творы, якія першапачаткова былі напісаны для дарослых, але былі арганічнымі для дзіцячага чытання (паэмы П. Труса, вершы і байкі К. Крапівы). Друкаваліся і дзіцячыя творы, цікавыя лісты, быў створаны спецыялізаваны аддзел (рубрыка) па рабоце з карэспандэнцыяй, а таксама раздзел «Нашы браты ва ўсім свеце», прысвечаны асвятленню падзей міжнароднага жыцця. У ім змяшчаліся паведамленні, фотаздымкі, дакументальныя занатоўкі пра жыццё дзяцей за мяжой.

Калі часопіс выходзіў пад назвай «Іскры Ільіча», у ім з’явілася рубрыка для самых маленькіх чытачоў – для дашкольнікаў. Там змяшчаліся аўтарскія творы, стылізаваныя пад фальклорныя («Калы­ханка» З. Бядулі), казкі А. Якімовіча, загадкі, жарты. Для малодшых школьнікаў спецыяльнай рубрыкі не было, але твораў для іх друкавалася нямала, напрыклад, пра акцябрат («Пра слаўнага акцяб­ронка Рому» Я. Маўра, «Пра хлопчыка Боба і шкодныя мікробы» І. Каганоўскай). І на сённяшні дзень часопіс «Бярозка» застаецца адным з самых цікавых і сучасных (на жаль, з 2012 г. ён з’яўляецца дадаткам да часопіса “Маладосць”).

У Вільні з 1927 па 1931 г. выходзіў дзіцячы ілюстраваны часопіс «Заранка», які выдавала Зоська Верас. Тут друкаваліся малавядомыя аўтары С. Новік-Пяюн, С. Крывец, Я. Пачопка. Дзецям былі прапанаваны ўдалыя пераклады з рускай і ўкраінскай моў. Аднак часопіс не падтрымліваўся фінансава дзяржавай (дапамагалі грашыма толькі Беларуска-польскі клуб і беларускія эмігранты ў Амерыцы). З-за цяжкага матэрыяльнага становішча выданне часопіса было спынена.

Зоська Верас накіравала свой вопыт на стварэнне другога часопіса – «Пралеска» (1934–1939), матэрыялы якога таксама садзей­нічалі эстэтычнаму і маральнаму выхаванню дзяцей.

Мы ахарактарызавалі першыя дзіцячыя перыядычныя выданні для дзяцей на Беларусі. Дзіцячая перыёдыка XX ст. развівалася актыўна і прадстаўлена цэлым спектрам газет і часопісаў для дзяцей розных узростаў. Развіццё перыядычных выданняў у XXI ст. ідзе па шляху пошуку новых незапоўненых тэматычных ніш з арыентацыяй на сучасныя еўрапейскія тэндэнцыі. Колькасць выданняў павялічваецца. Напрыклад, на пачатку 2011 г. было зарэгістравана 32 дзіцячыя часопісы. Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту прызначаны часопісы «Гоша хороший», «Детский журнал», «Досуг для малышей», «Лисичка», «Мамино солнышко», «Мишутка», «Островок», «Пропеллер», «Рюкзачок», «Рюкзачок. Веселый зоопарк», «Рюкзачок. Мир путешествий», «Рюкзачишка», «Симба», «Тигра». Значна менш часопісаў для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту: «Апельсин», «Рюкзак», «Качели».

Пераважная большасць часопісаў і газет выходзяць на рускай мове, аднак змяшчаюць і беларускамоўныя матэрыялы. На беларускай мове выдаюцца часопісы «Бярозка», «Вясёлка», «Лесавік», «Крыніч­ка». Рэдактарамі многіх з іх з’яўляюцца вядомыя пісьменнікі. На­прыклад, рэдактарамі часопіса «Вясёлка» ў розныя часы былі В. Вітка, Е. Лось, А. Грачанікаў, Ул. Ліпскі. Часопіс «Лесавік» ство­раны Ул. Ягоўдзікам.

Сярод іншых выданняў вызначаецца пазнавальна-гульнявы часопіс «Рюкзачок». На пачатак 2012 г. эта адзінае беларускае дзіцячае перыя­дычнае выданне, якое выходзіць з аўдыядадаткам на CD. Самыя любі­мыя дзіцячыя газеты – «Переходный возраст», «Зорь­ка», «Дет­ская газета».

З’яўляюцца перыядычныя выданні рэлігійнай тэматыкі. Ёсць беларускамоўны каталіцкі часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай» (дадатак да каталіцкага выдання «Ave Maria») і праваслаўны часопіс на рускай мове «Колыбель». Яны змяшчаюць апавяданні і вершы для дзяцей, катэхізацыйныя матэрыялы ў даступнай форме, цікавую інфармацыю пра святы і малітвы, ёсць конкурсы, размалёўкі, крыжаванкі і інш.

Вывад. Беларуская дзіцячая перыёдыка знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця1. Акрамя традыцыйных газет і часопісаў, выдаюцца часопісы-анкеты, часопісы-размалёўкі, часопісы-дзённікі, якія накіраваны на развіццё дзіцяці і арганізацыю яго вольнага часу. Кожнае дзіця можа выбраць выданне ў залежнасці ад свайго ўзросту і цікавасцей. Аднак трэба адзначыць, што мала перыёдыкі, адрасаванай падлеткам. Ёсць заўвагі да зместу, афармлення выданняў, іх рэкламавання і распаўсюджвання, таму што беларусы не заўсёды ведаюць пра існаванне пэўнага часопіса ці газеты. Некаторыя чытачы купляюць перыёдыку ў спецыялізаваных магазінах і кіёсках, а не выпісваюць. Многія ж з беларускіх часопісаў і газет распаў­сюджваюцца толькі па падпісцы. І ўсё ж такі азначаныя заўвагі не зніжаюць вартасць агульных станоўчых тэндэнцый.

ПРАКТИКУМ
ИСТОРИЯ ДЕТСКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
1. Прочитайте отрывок из книги К. И. Чуковского «От двух до пяти». О каком времени пишет автор? Охарактеризуйте этот период в истории детской литературы.

И опять о Мюнхаузене

Вскоре после того как в книжных магазинах появились в моем изложении долгожданные «Приключения Мюнхаузена», в редакцию газеты «За коммунистическое просвещение» было прислано такое «Открытое письмо К. Чуковскому», предназначенное автором для напечатания в этой газете:

«Товарищ Чуковский! Купила я своей восьмилетней дочке вашу книжку «Приключения Мюнхаузена». Купила и, не читая, подарила ей в день рождения, чтобы сделать ребенку приятное. Подарила книжку, не читая, потому что, во-первых, читать было некогда, а во-вторых, на первом листе ясно было написано: «Для детей»…

Каково же было удивление и разочарование дочери, а вместе с ней и мое, когда мы стали эту книгу читать. Этот «самый правдивый человек на земле» так врет о себе и своих подвигах, что сбивает детишек с толку. У него открывается или проваливается голова внутрь человека, а затем опять появляется. Он летит на луну. И если бы он летел с целью дать детям какие-то сведения о поверхности луны и т. д., этот полет был бы хоть и фантастичен, но все же интересен, а то какие-то с начала до конца неправдоподобные попытки взобраться по бобовому растению на луну, спуститься вниз по соломенной веревке. Самые нелепые представления о «жителях луны», их образе жизни и т. п.

В том месте книги, где автор рисует животный мир Цейлона, он буквально сбивает с толку детишек, давая странные картины встречи его (?) со львом, тигром, китом. Местами книга заставляет ребенка смеяться, но обязательно с восклицанием: «Вот так врет!» В большинстве же случаев ребенок недоумевает. Меня интересует одно: для чего, товарищ Чуковский, вы переводили эту книгу?.. Нельзя же врать без оговорки на протяжении сотни листов!»

Я уже успел привыкнуть к таким письмам, и только подпись под этим посланием немного удивила меня: «Вязники, Ивановской области. Заведующая библиотекой С. Д. Ковалева». Странные, подумал я, библиотекари в Вязниках! Считается, что библиотекарь – человек образованный, руководящий просвещением обширного круга читателей, а эта Ковалева даже не слыхала о «Бароне Мюнхаузене» и, нисколько не стыдясь, заявляет, что сюжет всемирно прославленной книги явился для нее полным сюрпризом.

Я решил написать ей письмо, пододвинул к себе бумагу и начал:

«Уважаемая товарищ Ковалева! Педагогическое значение «Мюнхаузена» заключается в том…»

Но тут мне пришло в голову, что она не ждет от меня никаких разъяснений, потому что в таком случае, зачем бы она стала обращаться ко мне посредством газетных столбцов? Написала бы приватное письмо. Нет, ее письмо есть статья для газеты, и она только делает вид, будто хочет узнать, для чего я перевел эту книгу.

Вопросы ее чисто риторические.

Если вчитаться в ее строки внимательнее, станет ясно, что она обратилась ко мне совсем не для того, чтобы получить необходимые сведения, а для того, чтобы публично обличить меня в моем непохвальном пристрастии к такой чепухе, как «Мюнхаузен». Она чувствует себя судьей, а меня подсудимым.

Мы имеем дело отнюдь не с любознательным и чистосердечным невежеством, а с той демагогией, которая еще так недавно отравляла нашу критику детской словесности.

Конечно, спорить с С. Д. Ковалевой я не стану. Достаточно продемонстрировать ее перед читателем: вот из каких персонажей вербовались у нас «принципиальные» противники сказки…
РЕДАКТОРСКАЯ ОЦЕНКА ПРОИЗВЕДЕНИЯ
1. Прачытайце казку А. Масла «Таямніца закінутай хаты». Твор адрасаваны дзецям сярэдняга школьнага ўзросту. Зрабіце рэдак­тарскі аналіз казкі, выкарыстаўшы крытэрыі ацэнкі твора для дзяцей. Ці ёсць заўвагі да рэдактараў?1

Любіць Змітрок за суніцамі хадзіць. У Былым кар’еры, парослым сасоннікам, іх столькі, што зямля чырванню свеціцца. А ласунка, смачнейшага за суніцы з малаком і лустай чорнага хлеба, не прыдумаць! Дачакаўшыся ягаднай пары, штодзень бегае хлопчык на ўлюбёныя палянкі.

Пры дарозе, недалёка ад кар’ера, стаіць закінутая хатка. Змітрок заўсёды подбегам мінае яе. Выдае хлопчыку, нібы хтосьці таямнічы тужліва глядзіць праз заплеценыя павуціннем вокны на вуліцу, уздыхае і тупае па зарослым быльнягом двары.

Каму тут быць? Дзеда Міколу, гаспадара хаты, забралі да сябе ў горад дзеці. Перш ён толькі зімаваў у гарадской кватэры, а на лета на сваю сядзібу вяртаўся. Цяпер, кажуць, занядужаў – другі год сумуе без гаспадара хатка.

Змітрок ведае гэта і дакарае сябе за беспадстаўны страх. Ён дае слова калі-небудзь зайсці на пусты панадворак. Проста так, свой страх перамагчы: ён жа мужчына!

А скора і прычына падараецца. Ідучы па суніцы, забыўся Змітрок дома біклагу з вадой. А дзень спякотны, ад смагі вусны сушыць. Піць хочацца нясцерпна! У двары ж закінутай хаткі – калодзеж. Вада ў ім такая смачная, што спецыяльна па яе прыязджаюць людзі з ваколіцы, набіраюць у слоікі ці бідоны. Дзед Мікола нікому гэтага не забараняў. І цяпер – ён у горадзе, а людзі да калодзежа едуць. Таму вада ў ім і не застойваецца, празрыстая і чыстая, як і раней.

Змітрок асцярожна адчыняе веснічкі і на дыбачках ідзе да калодзежа. Хатка пільна сочыць за кожным крокам хлопчыка. Але ён не падымае вачэй на яе пустыя вокны, з упартай рашучасцю пасоўваючыся да вады.

– А ты, як я бачу, не баязлівец, – чуе хлопчык у сябе за спінай і абарочваецца на голас.

На лаўцы пад хатай сядзіць дзядок. Спёка, а на ім ватоўка, валёнкі, цёплая шапка. Так летам і дзед Мікола хадзіў. Ведама – стары чалавек, яму і ў гарачы дзень бывае холадна.

– Дзень добры! – ад неспадзяванкі Змітрок нібы прырос да зямлі. – Прабачце, дзядуля, я не ведаў, што вы дома, таму не спытаў дазволу зайсці… Я толькі вады папіць, – апраўдваецца хлопчык і дадае: – бабуля казала, што вы не прыедзеце на лета.

Пільна ўглядаючыся Змітраку ў твар, дзядок усміхаецца і кажа:

– Праўду казала твая бабуля. Дзед Мікола зусім ужо на гараджаніна пабраўся, і на мяне, і на хату забыўся…

– Кажуць, што ён хварэе, – заступіўся перад незнаёмым за дзеда Міколу Змітрок.

– Хварэе! Не трэба было з абжытага месца з’язджаць, лепей бы пачуваўся, – незадаволена бурчыць дзядок. – Ну ты ж вады хацеў зачарпнуць, давай дапамагу!

Дзядок круціць ручку калодзежа, і праз хвіліну вядро, поўнае сонечных зайчыкаў, стаіць перад Змітраком. Вада з калодзежа такая сцюдзёная, ажно зубы пачынае ламіць. Таму хлопчык робіць пару глыткоў і ставіць кубак з вадой на лавачку – счакаць, каб крыху аблецілася.

– Дзядуля, – нясмела пытае хлопчык, – а вы сваяк дзеду Міколу, калі ў яго хатцы жывяце?

Дзядок засмяяўся – нібы веснічкі зарыпелі.

– Сваяк! Ды я яму радней роднага брата! Усё жыццё з ім у адной хаце жылі, а цяпер ён у горадзе, а я тут адзін пекаюся!

Гаротна мухнуўшы рукой, дзядок зноў сеў на лаўку.

– Хатнік я тутэйшы, вось хто я, хлопча! Чуў пра такое дзіва? Тут раней хатнікаў у кожнай хаце, у кожным падпечку было поўна, як і людзей. А цяпер людзі пакідалі вёскі, з’ехалі ўсе. І хатнікі звяліся. Маладзейшыя – у горадзе, разам са сваімі гаспадарамі. А я тут – трэба хату пільнаваць!

Змітрок ад здзіўлення знямеў. Ён, сталічны жыхар, які пра хатнікаў толькі ў кніжках чытаў і лічыў іх прыдумкай, цяпер з сапраўдным хатнікам размаўляе?!

Аправіўшыся ад здзіўлення, хлопчык запытаўся ў дзядка:

– А чым дакажаце, што вы хатнік?

– Доказы яму трэба! – забурчэў дзядок. – Бачыш мяне – і досыць! Такая пашана рэдка каму выпадае. Мы, хатнікі, не любім людзям вочы мазоліць… А другі доказ ты і сам на сабе паспытаў. Баяўся ля хаткі хадзіць? Ведаю, баяўся, не аднеквайся! А, ведаеш, чаму? Бо я на прахожых страх напускаю. Каб не ўздумаў каторы ў хатку залезці, пагаспадарыць. Я павінен тут усё дагледзець. Раптам Мікола надумае вярнуцца? А ў гаспадарцы ўсё – як ён і пакінуў. Быльнёг толькі абкасіць – і жыві…

Дзядок цяжка ўздыхнуў і дадаў:

– Не зважай, што я на гаспадара за доўгую адлучку злую. Сумую я без яго, чакаю. Лёгка, думаеш, сядзець тут і глядзець, як хата марнуецца? Ні слова ні ад каго не пачуеш, ні малачка ніхто не паставіць…

Змітрок ухапіўся за свой слоік з суніцамі.

– Дзядуля, а ў мяне ягады! Частуйцеся, я яшчэ назбіраю!

Хатнік узяў у рукі слоік.

– Духмяныя! Пахнуць той парой, калі Міколавы дзеці маленькімі былі, тут жылі і за суніцамі бегалі.

Дзядок пачаў насыпаць суніцы ў жменю і з асалодай есці.

Змітрок ва ўсе вочы глядзеў на дзядка і слухаў яго. Карцела спытаць нешта важнае, такое, чаго не прачытаеш у казцы. І разам з тым хлопчык баяўся, каб чым не пакрыўдзіць незвычайнага знаёмага – адкуль яму ведаць, як размаўляць з хатнікам, у школе гэтаму не вучаць.

Але дзядок і не чакаў Змітраковых запытанняў. Ласуючыся суніцамі, гаварыў далей:

– Я даўно цябе запрыкмеціў, хлопчык. Малайчына, думаю, не гультай. Штодзень за ягадамі бяжыць. Лес, відаць, любіць… Любіш? – удакладніў ён.

– Люблю! – згадзіўся Змітрок. – Мне сунічныя паляны і сасоннік часта сняцца, пакуль чакаю лета і прыезду да бабулі. У нас у сям’і ўсе лес любяць. Мама – заўзятая ягадніца. Тата – грыбнік.

– І часта ў лесе бываеце?

– Ды не, толькі як у вёску прыязджаем пагасціць.

– Дзівакі вы, людзі! – крэкнуў хатнік. – Сколькі вас ведаю, уцяміць не магу вось што. Любіце лес, а жывяце ад лесу далёка. Хто перашкаджае хоць кожны дзень на яго любавацца?

– Мама з татам працуюць у горадзе, а я ў школу хаджу, – паціснуў плячыма Змітрок.

– А чаму ў вёску жыць не едзеце?

– Кажуць, цяпер на вёсцы з работай цяжка…

– Прыдумалі! – засмяяўся хатнік. На вёсцы работы заўсёды поўна. Рабіць яе цяпер няма каму – вось гэта праўда. Пазбягалі ў горад, пакідалі хаты… А што добрага ў тым горадзе? Вось ты мне скажы: як у цябе дзень пачынаецца?

– Прачынаюся…

– Як?


– Калі ад будзільніка, калі мама будзіць. Мыюся, снедаю – і на трамвай, у школу.

– Ах, Змітрок, Змітрок, а як бы ты жыў, каб цябе на досвітку пеўні будзілі ці птушкі песнямі. З ложка на двор басанож, а пасля сырадойчыку кубак – і на возера…

– Я летам так і жыву ў бабулі.

– Летам… Як толькі летам, то не тое. Зямля ад тваіх ножак адвыкнуць паспявае. Госць ты для яе, а не гаспадар. А госці да пары мілыя. На зямлі не гасцяваць трэба, а даглядаць яе, сябе аддаваць. Тады толк будзе. А так – жыць на зямлі некаму. Цэлыя вёскі прападаюць. Вось чакаю я Міколу, цешу сябе надзеяй на яго прыезд, а сам жа чуў, што Міколаву хату хочуць дзеці прадаць новым гаспадарам. Ужо і пакупнікі прыязджалі, тупалі па двары, прыцэньваліся. Палохаў я іх, палохаў – не зважаюць на мяне, а скора і зусім з хаты выжывуць…

Змітрок са шкадаваннем глядзеў, як дзядок-хатнік выцірае слёзы.

– А што, каля новых гаспадароў жыць вам няможна? – асцярожна запытаў хлопчык.

– Прыдумаў! – сярдзіта ўсклікнуў хатнік. – Я ўсё жыццё пры Міколу жыў, дзе на старасці да новых гаспадароў прывыкаць. Ды і каб жа гаспадары былі. А то – дачнікі! Прыедуць, паапальваюцца на сонцы, шашлыкі пасмажаць – і ў горад. Сябе пацешаць, а зямля – бядуй у быльнягу, як бедавала. Навучыліся толькі браць ад зямлі!.. Наглядзеўся я на такіх «гаспадароў» па суседскіх адкупленых хатах, не хачу з імі жыць.

– Можа, паехалі з намі ў горад? – нясмела прапанаваў Змітрок. – Я ў мамы і таты папрашу, яны гасцінныя, пусцяць вас пажыць…

– Дзякуй за ласку! Быў я ў вашым горадзе, у старэйшага сына- хатніка гасціў. Ён за Міколавым сынам падаўся адразу ж, як той кватэру атрымаў… Жыве з сям’ёй за плітой электрычнай. Не жыццё, а пакута. І цесна, і гаспадароў дома не відаць. Як сыдуць раніцай з дому – толькі пад вечар вяртаюцца. Стомленыя, галодныя, злосныя. Дзе ходзяць, што робяць, куды свае сілы бухаюць? У іх вечарамі здароўя толькі на тое хапае, каб на канапу легчы і ў тэлевізар глядзець. Дзеці падыдуць што запытаць – злуюцца, крычаць. Чаму крычаць? У маёй хаце да гэтае пары радыё гаворыць, не абрубілі. Дык я неяк чуў, як кабета адна тлумачыла. Стрэс, кажа. На аднаго на рабоце накрычалі, ён – на другога. І пайшло – паехала. А я так мяркую: не трэба лезці туды, дзе на цябе крычаць. Будзь на сваім месцы, не гойсай па свеце, тады і спакусы ні ў каго не будзе на цябе сварыцца. А вы ж ціскаецеся ў горадзе, адзін на адным, як у мурашніку. Дзе ж там сваё месца знайсці?..

Дзядок узяў з лаўкі кубак з вадой і, пакаштаваўшы, падаў Змітраку:

– Сагрэлася, можна піць не асцерагаючыся…

Счакаў, пакуль хлопчык наталіў смагу і жаліўся далей:

– А каб ты ведаў, даражэнькі, якія капейкі даюць за гэту хату, за гэту прыгажосць, за гэты бэз, за салаўіныя песні вечарамі… каб хоць грошы былі вартыя маіх слёз. А то распусцяць у сваім горадзе на марожанае за тыдзень. Хаты ў закінутых вёсках не ў цане…

– Дзядуля, дык што ж вы рабіць будзеце? – захваляваўся Змітрок. – У горад вам не хочацца, з новымі гаспадарамі жыць не збіраецеся… а калі размовы пра продаж хаты не пустыя, што тады рабіць?

– Я ўжо надумаў. На балота пайду, да вадзяніка. Іх людзі таксама крыўдзяць, меліярацыяй нішчаць. Але пакуль трываць можна. Здыму кут пад якім карчом, дзе сушэй. Неяк будзе… Можа, дачакаюся той пары, як ты вырасцеш, хату тут новую справіш. А можа, гэту адкупіш, да ладу давядзеш. Вось тады і перайду з балота зноў у падпечак. Толькі не забудзься – печ абавязкова стаў добрую. Хата без печы – што ежа без солі. Маладыя такой выгоды не разумеюць, на электрычнасць спадзяюцца, на цэнтральнае ацяпленне… А ты мяне слухай – з печчу ў хаце незалежным гаспадаром будзеш. Толькі не лянуйся дровамі запасціся – і не трэба баяцца, што газ не дадуць ці ток не пусцяць. ..

Суніцы ў слоіку закончыліся. Адправіўшы ў рот апошнюю жменю духмяных ягад, дзядок задаволена крэкнуў:

– Дзякуй, Змітрок! Пацешыў старога! Даўно я так смачна не еў. Усё аб калодзежнай вадзе ды сухіх скарынках. А пасля тваіх суніц жыць павесялела. Слухаў ты мяне ўважліва – малайчына, выхаваны, Маладзенькі ты яшчэ, усё жыццё наперадзе. Запомніш маю навуку – не будзеш бедаваць. Я буду чакаць твайго прыезду. Пажывеш – паба­чыш: нідзе вы ад вёскі не дзенецеся, будзеце тут некалі ад гарадскіх стрэсаў ратавацца. Цяпер жа – бывай. Пра адно папрашу – маўчы пра нашу сустрэчу. Людзі цяпер хцівыя на розныя дзівосы. Даведаюцца пра мяне – назавуць анамальнай з’явай, пачнуць тут сноўдацца, пазбавяць спакою. Ці хатку пашкодзяць… А мне ні тое, ні другое не патрэбна. Можа, яшчэ і новых гаспадароў тут не будзе, дажыву свой век у родных сценах.

Уздыхнуў дзядок, шапку задам наперад перавярнуў – і знік, як і не было яго. Змітрок яшчэ ад неспадзяванай сустрэчы апомніцца не паспеў, як, на табе, маеш другую нечаканасць. Думай цяпер, прыснілася ўсё ці на самой справе з хатнікам размаўляў?

Падышоў хлопчык да акна, глянуў праз яго ў святліцу – і адхіснуўся. Нібы ў вочы тужлівай таямніцы зазірнуў, падгледзеў, як гуляе яна з пакінутымі цацкамі, гартае старонкі адсырэлых кніжак, адпачывае, гаротная, на мяккіх пярынах нікому не патрэбнага ложка…

Не стаў Змітрок больш у акно пазіраць. Узяў пусты слоік, паставіў на ўслончык ля калодзежа кубак. Асцярожна ступаючы, дайшоў па сцежцы да веснічак і шчыльна прычыніў іх за сабой. Памахаў рукой хатцы і паабяцаў да яе наведвацца, дзядку суніцы і малачко пакідаць. І падумаць пра таямніцу, давераную яму хатнікам, – важную, пра якую ні ў адной казцы не пачуеш.



2. Сформулируйте редакторские заключения о целесообразности издания предложенных рукописей. Осуществите их редакторскую правку.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15


©kzref.org 2019
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет